Аксеня (aksenua) wrote,
Аксеня
aksenua

  • Music:

Што бачыла, тое кажу...

Вось і адтанцаваў у Гомлі бойз-бэнд "Крамбамбуля" :)
Мора станоўчых эмоцыяў! Усім рэкамендую!!! 20 тыс.бел.руб./9,5$ за квіток акупіліся ўдвая.
Прайшло ўжо 4 дні, але пазітыў ад канцэрту "Крамбамбулі" дагэтуль жыве ў маім арганізме і патрабуе выхаду :) Таму пад катам чытайце маю справаздачу аб мерапрыемстве (са спасылкамі на некаторыя песьні ў
mp3), а яшчэ я таксама рэкамендую пачытаць артыкул і паглядзець пару фотак тут.
 
Хадзіла на канцэрт адна. Каханага майго не было побач… нажаль…, але ў самоце быць не давялося, бо побач каўбасілася ды плюшчылася "публіка еўрапейскага кшалту":) ў колькасьці каля 200 пазітыўных чалавек. Былі людзі розных узростаў, хтосьці зь півам, хтосьці з дзецьмі :) Я з найвялікшым задавальненьнем у першых панкаўскіх шэрагах перад сцэнай адтанчыла і адпела ўсю праграму з першых акордаў "Я вас любіў, любоў яшчэ, у душы пагасла не вапшчэ…", і не зразумела тых вычварэнцаў, якія проста сядзелі і боўталі нагамі пад сталом.
 
Урэшце пабачыла ўсю "Крамбамбулю" ужывую. Першых дзьве песьні запар разглядвала іхнія сьмелыя дызайнерскія "ільняныя гарнітуры" і пазітыўныя фэйсы. Выбачайце, хлопцы, але больш за ўсіх мне спадабаўся скрыпач+клавішнік+губны гармонік, калі не памыляюся (папраўце мяне, любі друзі) гэта Аляксандр Хаўкін. Ён тааакі фактурны дзязька ў растаманскай шапцы! І так адпальваў на электраскрыпцы! :)

Увогуле было такое адчуваньне, што "Крамбамбуля" грала толькі для мяне і толькі мае ўлюбёныя песьні з усіх сваіх альбомаў. Ад усенародных хітоў "Госьці" з "Турыстамі" да сур'ёзнага "Абсэнту" з "7 лістападам". Для мяне асабіста адкрыццём была кампазіцыя "Край гарачых добрых хлопцаўсонцаў" (ведала, што такая існуе, але ніколі не чула) і "Мама дарагая" у новай дэнсавай аранжыроўцы. Як паважаючая сябе інтернэтаўка, прэзэнтуемую "Дольчэ віта" я ўжо пасьпела выкатаць зь сеціва загадзя і з нецярпеньнем чакала ўпадабаны апошнім часам іншы інтэрнэт-сінгл "Усё нармальна, мама!", але так і не дачакалася.

Ну і, канешне, здарыліся сюрпрызы: "усясветная" прэм'ера новай кампазіцыі "Хіцяра" (якую я так да канца і не ўтыкнула) і адмысловыя крамбамбулеўскія - не пабаюся гэтага гучнага слова - фірмовыя танцы. Гэта нешта! Уявіце, сем дарослых мужыкоў у бруках-клёшах і некаторых з пузікам, якія пастроіліся "у лінеечку" на сцэне і прапанавалі слухачам паўтараць іхнія простыя рухі. А потым урубілі фанеру "хранцузкай" песьні "КрамбамбулЯ" (націск на апошняе Я) і сталі гойсаць як маладзёны, даводзячы публіку да гістэрычнага сьмеху экстазу і катарсісу :) "Вось да чаго трэба імкнуцца гурту… і паменей тэкстаў розных…" - пажартаваў Вольскі пасля танцавальнай праграмы :)

З Гомляй "Крамбамбуля", вызванная дзікім ровам слухачоў на "біс", развіталася кампазіцыяй (цытую Вольскага) пра людзей, якія заўсёды ёсьць сярод нас: "Эх, рамалы, што вы, дзе вы, пачынайце вашы сьпевы…" :)

Негатыўным момантам для мяне было тое, што ў вочы навязліва лез рэклямны плякат ненавіснага мною мтса з крадзенымі "яйкаквадратамі" над сцэнай. Ну дык жа, спонсер канцэрту… А яшчэ гражданы ціпа гопнікі пераядычна вылазілі наперад, адтоптываючы "інцялягенцыі" ногі, каб сфоткацца на фоне Вольскага. На памяць, блін...  А я здымач не брала. Як паказала практыка, усё роўна з мяне ніякі фатограф ;)
Па выніках канцэрту набыла дыск "Крамбамбуля. The Best albo Belarusian Disco", пад які суботнім вечарам на лецішчы была арганізавана дыскатэка. Ну, гэта ўжо другая гісторыя…
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 3 comments